:: ::

Развитие эффективного педагогического опыта и современных практик дополнительного образования


Развитие эффективного педагогического опыта и современных практик дополнительного образования


Развитие эффективного педагогического опыта и современных практик дополнительного образования

Рэгіянальны вопыт

 

М.А. Камінская, педагог вышэйшай

катэгорыі, стваральнік літаратурна-

краязнаўчага музея Гродзенскага дзяржаўнага

Палаца творчасці дзяцей і моладзі,

кіраўнік гуртка “Ткацтва” народнай студыі

 “Суквецце талентаў”,

працуе па аўтарскай праграме

 

Пазашкольнае выхаванне 2009/11

 

Спакон вякоў выхаваннем дзяцей займалася сям’я. Бацькі стараліся перадаць дзецям традыцыі, жыццёвы вопыт, веды і ўменні. Менавіта ў сям’і дзіця фарміравалася як асоба. Першаасновай чалавечага жыцця народная філасофія лічыла працу, таму дзеці прызвычаіліся да яе даволі рана. Вялікая роля ў выхаванні належала казкам, песням, загадкам і іншым фальклорным творам, у якіх адлюстроўвалася глыбокае разуменне жыцця.

Сучасная сям’я ў значнай ступені страціла манаполію на выхаванне дзяцей. Узрасла роля грамадскага выхавання, дзе немалаважнае месца адводзіцца і нам – педагогам-пазашкольнікам.

Паколькі народная студыя “Суквецце талентаў” займаецца традыцыйнымі рамёствамі, наша асноўная задача, выкарыстоўваючы багаты выхаваўчы патэнцыял традыцыйнай культуры, - давесці яе да дзяцей і навучыць іх паважаць і цаніць культурную спадчыну продкаў, таму што без пачуцця гонару за свой народ, сваю гісторыю і культуру нельга стаць Асобай. Толькі засваенне і асэнсаванне нацыянальнай культуры адчыняе дзверы ў сусветную.

У майстэрні “Ткацтва” дзяўчаты вучацца ткаць сурвэткі і ручнікі ў дзве нічальніцы з пераборам, у чатыры нічальніцы. Нядаўна мы апрабавалі спосаб двухасноўнага ткацтва, дзякуючы якому можна атрымліваць тканіну двайной шырыні, або вырабы мяшковага тыпу. Любяць нашы навучэнкі ткаць паясы і закладкі (на ніту, на дошчачках, на бёрдзечку). Але сваім найвялікшым дасягненнем лічым авалоданне тэхнікай падвойнага ткацтва (калі двухслойнае палатно перасякаецца ў месцы ўтварэння арнаменту: колер ніжняга палотнішча стварае ўзор на фоне верхняга і наадварот). У IX стагоддзі выраб такіх дываноў быў сканцэнтраваны ў асноўным на Гродзеншчыне і называлі іх “гродзенскія дываны”. На жаль, сёння на Гродзеншчыне лічаныя людзі валодаюць такой тэхнікай. Студыя шмат гадоў цесна супрацоўнічае з Гудзевіцкім літаратурна-краязнаўчым музеем і з Верай Ігнатаўнай Белакоз, якая дасканала валодае тэхнікай падвойнага ткацтва. Праўда, на сапраўдныя дываны мы не замахваемся, бо для гэтага трэба шмат нітак і часу, ды і для дзяцей гэта вельмі складана, але тры невялікія дыванкі (па шырыні кроснаў) выткалі. Апошнім часам для засваення тэхнікі спрабуем ткаць пано.

Нельга вучыць дзяцей народным рамёствам, не вывучаючы гісторыі і культуры свайго краю, таму адным з асноўных напрамкаў дзейнасці студыі з’яўляецца этнаграфічная работа.

У сваім класе мы імкнуліся паказаць увесь працэс ткацтва, пачынаючы ад апрацоўкі сыравіны і заканчваючы гатовымі вырабамі. Тут сабраны прылады, неабходныя для апрацоўкі льну, для перамотвання нітак (церніца, трапачка, шчоткі калаўрот, прасніца, вітушкі, матачка, сукала і інш.). тут жа паказаны лён у розных стадыях яго апрацоўкі і гатовыя вырабы. Напрыклад, кавалак тканіны, зроблены ў пачатку XX стагоддзя, рытуальны ручнік, вытканы прыблізна ў 1940 годзе, кужэльныя сурвэткі, вышываныя крыжыкам, і інш.

З цягам часу экспанатаў станавілася ўсё больш. Многіх гурткоўцаў актыўна падтрымалі бацькі, зацікавіліся збіральніцтвам і супрацоўнікі Палаца. Два гады таму ўзнікла ідэя стварэння этнаграфічнага музея. Сёння ў нашым музеі больш за 200 экспанатаў, якія адлюстроўваюць сялянскі побыт першай паловы 20 стагоддзя. Тут ёсць жорны (канец XIX – пачатак XX стагоддзя), самаробная мэбля 30-х гадоў, разнастайны посуд, плеценыя сявенькі, каробкі, кашы, вялікі сувой кужалю, абрусы, дываны, ручнікі і інш.

Вельмі важнае значэнне ў нашый працы маюць этнаграфічныя экспедыцыі. Студыйцы наведалі Мастоўскі, Ваўкавыскі, Бераставіцкі, Шчучынскі раёны. Сустрэліся з таленавітымі ткачыхамі, запісалі цікавыя апавяданні, сфатаграфавалі прыгожыя дываны, ручнікі і абрусы. Са Шчучынскага раёна прывезлі новую тэхніку ткання паясоў, з Мастоўскага, Ваўкавыскага і Бераставіцкага – шмат экспанатаў. Напрыклад, мінулым летам мы былі ў Малой Бераставіцы, адкуль прывезлі каля 20 экспанатаў. Найбольш каштоўны з іх – ручнік, вытканы і вышыты прыблізна ў 1910 годзе, падараваны Надзеяй Сцяпанаўнай Гусянок. Цікавая гісторыя ручніка і цікавыя лёсы людзей, якія з ім звязаны. Ручнік ткала і вышывала бабуля Надзеі Сцяпанаўны Ганна Андрэеўна Карпач (1894 года нараджэння) прыблізна ў 1910-1911 гадах. Бабуля была родам з Воўпы (Ваўкавыскі раён), дзядуля з Малой Бераставіцы, а пазнаёміліся  яны ў Растове-на-Доне, куды ў час Першай сусветнай вайны сем’і выехалі ў бежанства. Пасля вайны маладая пара вярнулася ў Малую Бераставіцу. Гэты ручнік, які быў вытканы ў Воўпе, з’ездзіў у Расію, вярнуўся ў Малую Бераставіцу і доўгі час беражліва захоўваўся ўнучкай Ганны Андрэеўны, а цяпер стаў адным з самых каштоўных экспанатаў у музеі. Выхаванцы добра засвоілі, што кожны экспанат мае сваю гісторыю і чым больш мы пра яе ведаем, тым ён каштоўнейшы. Калі нехта з іх прывозіць новы экспанат, знойдзены ў дзядулі ці ў бабулі на гарышчы, то абавязкова імкнецца запісаць, хто зрабіў, хто карыстаўся, у які час, у якой мясцовасці, і інш.

Не заўсёды ёсць фінанасавая магчымасць кудысьці выехаць, але не трэба забываць, што цікавыя людзі ёсць і побач з намі. Зусім выпадкова даведаліся, што сціплая і працавітая жанчына Ніна Іосіфаўна Крокас, якая шмат гадоў працавала ў Гродзенскім Палацы творчасці дзяцей і моладзі, усё жыццё, калі толькі выдавалася магчымасць, ткала дываны, ручнікі, абрусы. Цяпер Ніна Іосіфаўна часты госць у нашай студыі. Дзяўчынкі любяць слухаць яе расказы, хваляцца сваімі дасягненнямі. Падарункі Ніны Іосіфаўны занялі пачэснае месца ў нашым музеі.

На базе нашай студыі праводзяцца курсы і семінары, гутаркі і экскурсіі для гурткоўцаў Палаца, для вучняў і настаўнікаў школ, студэнтаў. Мы выходзім у школы горада з лекцыямі і міні-выставамі, асабліва цесна супрацоўнічаем з установамі, дзе вучацца нашы выхаванцы.

Радуе тое, што ў моладзі ўзнікае асэнсаванае жаданне звярнуцца да некаторых старажытных традыцый. За апошнія гады некалькі разоў дзяўчынкі ткалі паясы для сваіх будучых пляменнікаў, каб забраць іх з радзільнага дома не са стужкай, а з народным поясам. Прычым вельмі доўга і сур’ёзна вывучалі значэнне сімвалаў, выбіралі ўзоры-абярэгі. Як вынікае з размовы з дзяўчатамі – гэта было жаданне будучых бацькоў.

У мінулым годзе дзяўчына выткала для сябе вясельны ручнік з усімі сімваламі, якія павінны прынесці маладым шчасце. Гэта сімвал кахання, дзяцей, моцнай сям’і, хлеба (што азначае дабрабыт і дастатак у сям’і), сонца, абярэг ад хвароб і нячыстай сілы. Дарэчы, з гэтай мэтай дзяўчына пяць гадоў таму прыйшла запісвацца ў гурток. Вольга сказала: “Мая бабуля выткала шмат прыгожых рэчаў, і я таксама хачу навучыцца ткаць, каб на сваім вяселлі стаяць на ручніку, вытканым уласнымі рукамі”. Нядаўна адбылося вяселле. Вянчанне было ў Каложскай царкве і вялося на цудоўнай беларускай мове, маладыя стаялі на саматканым ручніку ў вясельных уборах, зробленых у народным стылі, падвязаныя прыгожымі паясамі, вытканымі рукамі нявесты. І гэта таксама адраджэнне нацыянальных традыцый. 

Візітная картка

Візітная картка

Камінская Марына Аляксандраўна, 1960 г.

адукацыя – УА “Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, 1981 г.; спецыяльнасць – беларуская мова і літаратура; кваліфікацыя – настаўнік беларускай мовы і літаратуры;

пасада – педагог дадатковай адукацыі, УА “ГДзАПТДзМ”;

стаж педагагічны – 32 гады;

стаж на пасадзе – 26 гадоў;

наяўнасць кваліфікацыйнай катэгорыі – вышэйшая.

Самааналіз дзейнасці

Народная студыя “Суквецце талентаў” – гэта адукацыйна-выхаваўчая прастора, дзе створаны ўмовы для самарэалізацыі і самаразвіцця навучэнцаў сродкамі дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Гэта спрыяльнае асяроддзе, дзе ажыццяўляецца асэнсаванне і засваенне народных традыцый, раскрыццё творчых здольнасцей, а таксама выхаванне пачуццяў грамадзянскасці і патрыятызму.

         Асноўная мэта студыі – выхаванне творчасцю, зберажэнне індывідуальнасці і фарміраванне асобы.

         Задачы студыі:

  • забеспячэнне спрыяльных умоў для ўзаемадзеяння студыйцаў і педагога;
  • выхаванне павагі да нацыянальных традыцый і культуры Беларусі;
  • распрацоўка і ўкараненне індывідуальных праграм і методык.

Студыйцы, клапатліва захоўваючы традыцыі народнага мастацтва, авалодваюць рознымі тэхнікамі ткацтва, у тым ліку вывучаюць складаную і рэдкую тэхніку падвойнага ткацтва. Прыгожыя ручнікі, сурвэткі, паясы, гальштукі, закладкі, пано – усё гэта можна бачыць на нашых выставах.

         На базе майстэрні “Ткацтва” створаны этнаграфічны музей, дзе сабрана больш за 200 экспанатаў народнага побыту Гродзеншчыны першай паловы 20 ст.: кросны, прылада для апрацоўкі лёну, тканыя дываны, ручнікі, шматлікія побытавыя рэчы і інш.

         Свае ўменні, творчыя поспехі мы разам з навучэнцамі дэманструем на семінарах, выставах, конкурсах, фестывалях.


Развитие эффективного педагогического опыта и современных практик дополнительного образования

З гісторыі ткацтва

Ткацтва – адзін з самых старадаўніх і распаўсюджаных відаў беларускага народнага мастацтва, якое сваімі каранямі ўваходзіць у глыб стагоддзяў. На жаль, да нашага часу дайшла невялікая колькасць старадаўніх мастацкіх тканін. Датуюцца яны толькі пачаткам XVIII стагоддзя, прычым большасць з іх знаходзіцца зараз па-за межамі нашай рэспублікі – у Львове, Кракаве і іншых гарадах. Літаратурныя крыніцы, летапісы, фрэскавыя, кніжныя ілюстрацыі і асабліва археалагічныя раскопкі сведчаць аб шырокім распаўсюджанні прадзення і ткацтва на тэрыторыі Беларусі ў час ранняга і позняга сярэднявякоўя.

Шматлікія знаходкі прасніц, абрыўкаў тканін, а таксама льняных і ваўняных каляровых нітак і шнуркоў, фрагментаў ільнамялкі, кроснаў пры раскопках старажытных гарадоў Полацка, Гродна, Ваўкавыска і інш пацвярджаюць існаванне ткацтва на ўсёй тэрыторыі Беларусі і сведчаць аб высокім узроўні тэхнікі ў X-XIII ст.

Паколькі тканіна – недаўгавечны матэрыял, мы не ведаем аб тканінах, якія датуюцца Iтысячагоддзем н.э. Рэшткі тканін гэтых часоў не захаваліся, але аб ткацтве і якасці тканін можна меркаваць па іх адбітках на днішчах гліняных сасудаў, знойдзеных на паселішчах I-II ст.н.э. (кавалкі тканін падсцілаліся пад сасуды для таго, каб яны легка аддзяляліся ад плоскай падстаўкі). Тканіна выпрацоўвалася параўнальна тонкая, тыпу сялянскага палатна.

Буйным гандлева-рамесным і культурным цэнтрам у XI-XIII стст. быў г. Гродна, дзе мастацкія рамёствы дасягнулі значнага развіцця. Ткацтва Гродзеншчыны таксама адносілася да развітых рамёстваў і поўнасцю забяспечвала хатнія патрэбы жыхароў. Аднак у княжацкім абыходзе былі больш распаўсюджаны дарагія прывазныя тканіны.

Побач з ткацтвам, неабходным для вырабу адзення, шырока вырабляліся мастацкія ўзорныя тканіны – ручнікі, абрусы, посцілкі. Значнае месца належала дыванам, якія выкарыстоўваліся для ўпрыгожання жылля.

Падвойныя дываны

Асобае месца ў беларускім народным мастацтве займаюць падвойныя тканіны, так званыя “гродзенскія дываны”. Нямецкі прафесар Конрад Гагм, які адзін з першых дэталёва вывучаў гэтыя тканіны, указваў на вузкі раён іх распаўсюджвання – Гродна – Беласток – Аўгустаў. Такія дываны сустракаліся яшчэ ў Швецыі, а з сярэдзіны XIX ст. выраб іх быў сканцэнтраваны толькі ў названым раёне. Гэтыя дываны перадаваліся з пакалення ў пакаленне як вясельныя. К.Гагм у залежнасці ад прызначэння падзяляе іх на два тыпы. Да першага тыпу ён адносіць дываны, якімі пакрывалі ложак, да другога – дываны, якімі пакрывалі стол. К. Гагм лічыць другі тып дываноў больш старажытным. Ткалі іх з чыстай воўны ручным спосабам, ніткі фарбавалі хатнімі сродкамі. Выкарыстоўваліся на сямейных і рэлігійных святах і абавязкова пры вясельных абрадах як важную частку пасагу маладой. Адсюль на большасці такіх дываноў – матывы вясельнага карагоду, дзе фігуркі людзей мяжуюцца з фігуркамі птушак, жывёл ці сілуэты дзяўчыны і хлопца, якія з’яўляюцца сімвалам шлюбу. Часта сустракаецца матыў дрэва жыцця сярод фігурак людзей і жывёл. Птушкі і жывёлы (каза, конь) ткуцца, як і ў старажытнасці, у профіль, фігуры людзей – у фас. Фігуры падаюцца статычна. Асабліва прыгожыя і манументальныя дываны з адлюстраваннем вольнага вясельнага карагоду ці маладой пары.

        Па цэнтральнаму полю многіх “гродзенскіх дываноў” часта раскіданы рачкі, зоркі. К. Гагм сцвярджае, што колькасць і месца іх размяшчэння на дыване заўсёды мела сваё значэнне. Ён лічыць, што колькасць зорак фону дывана адпавядае колькасці дзён у годзе. На выстаўцы ў Варшаве, якая адбывалася ў 1983г., Гагм дэманстраваў “гродзенскія дываны” пачатку XIX ст. ён зазначыў, што выраблялі падвойныя тканіны толькі вялікія майстры. Памер вагаўся ў межах 1,5 м шырыні, 1,2 м даўжыні. Такія дываны ткалі на вузкіх кроснах і сшывалі пасярэдзіне. У канцы XIX – першай палове XX ст. “гродзенскія дываны” пачалі ткаць на шырокіх кроснах суцэльныя. Падвойныя тканіны двухкаляровыя. Часцей спалучаюцца чырвона-цагляны ці залаціста-жоўты колеры, зялёны розных адценняў з чорным. Аднак сустракаюцца спалучэнні цемна-сіняга з карычневым і інш.

        Тэхніка ткацтва “гродзенскіх дываноў” даволі складаная. Аснова снуецца ў 4 ніткі (па дзве кожнага колеру). Тчэцца аднчасова дзве тканіны і толькі ў месцы арнаменту дзве столкі тканіны злучаюцца: колер ніжняга палотнішча стварае ўзор на фоне верхняга і наадварот. Узор набіраецца пры дапамозе пруткоў.



Количество просмотров: Счетчик посещений Counter.CO.KZ - бесплатный счетчик на любой вкус!

Есть вопрос или комментарий?..


Ваше имя Электронная почта
Получать почтовые уведомления об ответах:

| Примечание. Сообщение появится на сайте после проверки модератором.


Вернуться в раздел Развитие эффективного педагогического опыта и современных практик дополнительного образования

Соседние подразделы:
Совершенствование системы непрерывного повышения профессиональной компетентности
"Методический TRAVELLING"